У адзін з цудоўных дзён сьвята Божага нараджэньня ў менскім Чырвоным касьцёле імя сьвятых Алены і Сымона адбылася прэзентацыя новага выпуску серыі дыскаў «Беларускі хрысьціянскі хіт-2». У перапоўненай дольнай залі касьцёлу айчынныя выканаўцы хрысьціянскіх сьпеваў прапанавалі свае музычныя творы на роднай мове, якія былі прысьвечаныя ўслаўленьню Бога і Нараджэньня Хрыстовага.
Пра праблемы і творчыя здабыткі хрысьціянскага напрамку ў сучаснай беларускай папулярнай музыцы я распавядаў, калі прадстаўляў першы дыск названай серыі («Беларус» №545, чэрвень 2008 г.). I вось працяг творчай ініцыятывы, якую распачалі маладыя палітыкі, што спрычыніліся да стварэньня партыі БХД (Беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў). Цяпер дэвізам новага дыску стала цытата, узятая з біблійных псальмаў (Пс 103:33), «Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць». На маю думку, сьцьвярджальны сэнс гэтых біблійных словаў адлюстроўвае той факт, што айчынныя выканаўцы хрысьціянскіх сьпеваў перайшлі да аптымістычнага погляду на будучае хрысьціянскага напрамку ў беларускамоўнай музычнай культуры.