11 лютага 2009 году ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай рыма-каталіцкай семінарыі імя сьв. Тамаша Аквінскага ў Пінску ўпершыню была адслужана Боская Літургія ў візантыйскім абрадзе. Многія рыма-каталіцкія семінарысты ўпершыню змаглі ўзяць удзел і на практыцы пазнаёміцца з усходняй літургіяй. Узначальваў набажэнства грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні а. Андрэй Крот, з якім саслужылі 6 сьвятароў лацінскага абраду.
Трэба адзначыць, што ў міжваенны час Пінск быў значным цэнтрам унійнага руху: тут адбываліся Унійныя канферэнцыі, у Пінскай семінарыі быў унійны гурток і асобная бібліятэчка, прысьвечаная Уніі, семінарысты (сярод іх былі і будучыя сьвятары ўсходняга абраду) знаёміліся з усходняй літургікай і багаслоўем, традыцыйнымі былі ўрачыстыя набажэнствы ва ўсходнім абрадзе ў дзень памяці сьв. Андрэя Баболі і сьв. Язафата, а пад Пінскам у Зарэччы (Церабунь) дзейнічаў грэка-каталіцкі жаночы манастыр і парафія.