7-8 сакавіка 2009 году ў Менску адбылася першая сустрэча кіраўнікоў і аніматараў каталіцкіх рухаў і супольнасьцяў Беларусі, якія працуюць у харызматычным накірунку для евангелізацыі моладзі. У сустрэчы, якая праходзіла ў Чырвоным касьцёле і на Кальварыі, для аб’яднаньня намаганьняў у справе новай евангелізацыі ў Беларусі ды сумеснага праслаўленьня Бога сабраліся прадстаўнікі супольнасьцяў «Via dela Rosa», «Легіён Марыі», «Маран ата» з Берасьця, а таксама «Ааза» з польскага Беластоку.
Ініцыятарам правядзеньня гэтай сустрэчы выступіла супольнасьць «Каштоўная перла» з Менску, якая дзейнічае пры Чырвоным касьцёле і належыць да міжнароднага каталіцкага руху «Сьвятло і жыцьцё». Яе заснавальнікам зьяўляецца кс. Ірынэй Копач, пад апекай якога вось ужо больш за 16 гадоў «Каштоўная перла» штогод ладзіць евангелізацыйныя 2-дзённыя і 15-дзённыя сустрэчы – «аазы новага жыцьця» і евангелізацыйныя канцэрты.